Вусная народная творчасць – важнейшая частка духоўнай культуры народа – надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным бытаванні, адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці. Яна плённа ўплывае і сёння на працэсы нацыянальнага адраджэння. Фальклорны працэс заўсёды адбываецца ў межах традыцыі, абапіраецца на папярэдні вопыт, выкарыстоўвае мастацкія каштоўнасці, якія належаць усяму народу. Фальклор перадае адносіны народа да важнейшых падзей. У творчасці кожнага народа ёсць свае непаўторныя рысы, якія ўтвараюць народную спецыфіку фальклора.

Беларускі народ стварыў свой гераічны і гістарычны эпас, які хаця і не набыў адзінай жанравай формы, аднак даволі поўна адлюстроўваў многія гераічныя старанні нашага мінулага.  Менавіта паказ нацыянальнага каларыту беларускага фальклору, адраджэнне нацыянальных традыцый і сталі мэтай пры стварэнні ў Полацкім раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму  праекта «Ад вытокаў у будучыню». На працягу рэалізацыі праекта вучні устаноў адукацыі Полаччыны  разам з педагогамі будуць старанна вывучаць асаблівасці народных  святаў і абрадаў беларусаў. Вынікам плённай працы стане паказ перад аднакласнікамі, бацькамі і  педагогамі абрадавых дзеянняў.

21 студзеня гэты праект стартаваў  у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №14 г. Полацка» самым паэтычным са старажытных славянскіх святаў, якія захаваліся да нашага часу і адзначаюцца на Беларусі,– святам Калядкі. Уся дзея адбывалася ў школьным этнаграфічным музеі «Спадчына», які дзейнічае ўжо на працягу 25 гадоў. Удзельнікі мерапрыемства творча і, разам з тым, не адыходзячы ад нацыянальных традыцый, прадэманстравалі прысутным, што такое «калядаванне па-беларуску».

На свяце былі і калядоўшчыкі, і традыцыйнае «паміранне» казы, і цыган з цыганкаю і мядзведзем.Так прыгожа вучні  і настаўнікі спявалі беларускія калядныя песні, распавядалі калядныя вершы! Выступаючыя актыўна ўключалі ў гульні, песні, карагоды і гасцей свята.

Хтосьці з прысутных пад гукі скрыпкі ўспамінаў мінулыя гады, дзяцінства, калі так  цікава праходзілі Калядкі, а хтосьці ўпершыню ўбачыў такое свята.

А як прыветна сустракаў калядоўшчыкаў гаспадар Цярэшка са сваёй гаспадыняй Шчодрай! Якіх толькі пачастункаў на стале ў іх не было: і куцця, і бліны, і сала з кілбасой!.. А хатка як хораша была прыбрана! Гарэлі свечкі, якія надавалі таямнічасці. Падчас мерапрыемства адбылася дэгустацыя куцці і іншых беларускіх страў. Апошні карагод – і ўсе з усмешкамі на тварах і словамі падзякі разышліся па хатах.

Галоўны спецыяліст РАА Страленка І. М. выказала ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства за іх дзейнасць, накіраваную на захаванне беларускіх традыцый.

Ці не багатая гісторыя нашай краіны? Так, вельмі багатая. Цудоўную культуру і традыцыі зберагло старэйшае пакаленне для нас. Дык давайце ж не забываць спадчыну нашага народа, а і надалей перадаваць яе нашым дзецям і унукам!

Ганна Алексiна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №14 г.Полацка.